Павел Урбановіч, Аляксандр Пінчэнкаў, Аляксандр Кудраватых

лічбавыя камунікацыйныя тэхналогіі папулярызацыя тэхналогіяў

Адны з першых, хто ствараў «лакальныя сеткі» ў Менску. Прапануецца такім чынам ушанаваць КОЖНАГА такога энтузіяста, бо іх былі дзясяткі. Лакальныя сеткі – камп’ютарныя сеткі, якія служаць для абмену інфармацыяй паміж злучанымі кампʼютарамі. Лакальныя сеткі паслужылі будаванню супольнасці сяброў у дварах. У парадку развіцця лакальныя сеткі былі падлучаныя да глабальнага сеціва і паслужылі развіццю інтэрнэту ў Менску (і іншых гарадах) і хуткаму распаўсюду інтэрнэту (dial up) па ўсёй краіне. Значнасць інтэрнэту немагчыма пераацаніць сёння, і вельмі важна, што пачаўся ён у Беларусі сіламі энтузіястаў і простых «хлопцаў з раёну»! Гэтыя людзі ўскладаліся не толькі сваймі ведамі і часам, але і грашыма, каб пабудаваць інфраструктуру для сувязі людзей. У гэтым выпадку гэтыя хлопцы – гэта айцішнікі, адміністратары сеціва і кампʼютарныя інжынеры.


Алег Ціханенка

матэматыка папулярызацыя навукі

Публікацыя аднаго з нешматлікіх беларускамоўных падручнікаў з матэматычнай дысцыпліны Праца надзвычай важная для пабудовы цалкам беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі.


Юлія Сандамірская (Yulia Sandamirskaya)

штучны інтэлект робататэхніка

Распрацоўванні ў галіне робататэхнікі і штучнага інтэлекту, што грунтуюцца на нейраморфнай тэхналогіі. Нейраморфная тэхналогія – падыход да вылічэнняў, натхнёны працаю мозгу, які імітуе, як нейроны і сінапсы апрацоўваюць інфармацыю. Гэтая рыса робіць нейраморфную тэхналогію ідэальнаю для штучнага інтэлекту, робататэхнікі і энергаэфектыўных прыладаў, якія вучацца і рэагуюць, як людзі. На гэтай базе навуковая група Юліі Сандамірскай стварае, напрыклад, новыя тэхналогіі ў сістэме аховы здароўя і догляду асобаў сталага веку, нейраморфнае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне, што можа выкарыстоўвацца ў гуманоідных робатах у асяроддзі разумнага гораду, іннавацыйныя сістэмы машыннага бачання для выкарыстання ў робататэхніцы. Падсумоўваючы, можна сказаць, што дзякуючы працам Юліі гуманоідныя робаты з навуковай фантастыкі могуць хутка прыйсці ў рэальнасць.


Дзяніс Кіцель

біялогія арніталогія

Дзяніс – арнітолаг, адмысловец у стракозах і прыродаахоўнiк. У ліпені 2024 года апублікаваў артыкул «Check-list of the Odonata of Belarus», у якім сабраў і прааналізаваў усю даступную інфармацыю пра стракозаў Беларусі. Гэта першае буйное даследаванне такога роду, выкананае беларускім аўтарам. Варта адзначыць, што Дзяніс таксама адкрыў два новыя віды стракозаў для Беларусі. Як арнітолаг прысвяціў шмат гадоў вывучэнню птушак у Беларусі, арганізоўваў штучныя гнездзішчы для драпежных птушак і соваў. У 2014 годзе заснаваў станцыю кальцавання птушак «Сасновы Бор» у Расонскім раёне Віцебскай вобласці. З таго часу станцыя працягвае сваю працу, адыгрываючы важную ролю ў вывучэнні міграцыйных шляхоў і стану папуляцыяў. Адкрыў восем новых відаў птушак для Беларусі, пяць з якіх былі ўпершыню зафіксаваныя менавіта тут. Цяпер працягвае працу ў Грузіі. Усталёўвае гнездавыя скрыні для соваў, а таксама вывучае распаўсюд і харчаванне савы сіпухі ў Грузіі і яе ўплыў на мясцовую фаўну.


Зміцер Фірага (Dzmitry Firaha)

квантавая хімія фармацэўтыка

Вядучая роля ў распрацоўванні метаду, што дазваляе шляхам разлікаў на камп’ютары з вялікаю дакладнасцю прадказаць крышталічную структуру малекулярных крышталёў. Гэта вельмі складаная задача праз вялікую колькасць варыянтаў, якімі малекулы могуць уладкавацца ў крышталь. Але Зміцер здолеў яе развязаць! Складанасць задачы, дарэчы, можна параўнаць з складанасцю прадказання трацічнай структуры бялка, а гэта Нобэлеўская прэмія ў галіне хіміі гэтага году. Веданне крышталічнай структуры дазваляе прадбачыць уласцівасці крышталёў. Гэта вельмі істотная інфармацыя, патрэбная ў розных прыкладных распрацоўках, напрыклад, у фармацэўтычнай вытворчасці. Працу Змітра з калегамі апублікавалі ў навуковым часопісы Nature

гл. таксама


Максім Домніч

медыцына анкалогія

Максім Домніч даследуе функцыі нейтрафілаў у кантэксце канцэрагенезу, што ёсць важнаю галіною сучаснай анкалогіі. У сваёй працы вывучае падвойную ролю нейтрафілаў – асноўных клетак прыроджанага імунітэту – у развіцці раку. З аднаго боку, нейтрафілы могуць браць удзел у супрацьпухлінным імунным адказе, з другога – быць перапраграмаваныя пухлінаю для падтрымання яе росту і метастазавання.

Разуменне таго, як рак уплывае на перапраграмаванне нейтрафілаў і змяненне іх функцыяў, – ключавы кірунак даследаванняў Максіма Домніча для распрацоўвання новых тэрапеўтычных стратэгіяў. Ён вывучае, як пухліна стварае мікраасяродак, што змяняе паводзіны нейтрафілаў і ператварае іх у пухлінна-асацыяваныя нейтрафілы (TANs), якія спрыяюць ангіягенезу, здушваюць імунны адказ і стымулююць інвазію пухлінных клетак.

Акрамя таго, Максім Домніч даследуе ролю нейтрафілаў у кантэксце імунатэрапіі раку. Аналізуе, як нейтрафілы могуць уплываць на эфектыўнасць такіх тэрапіяў, як інгібітары кантрольных пунктаў імуннага адказу. Разуменне гэтых узаемадзеянняў можа дапамагчы ў аптымізацыі імунных тэрапіяў і пераадоленні рэзістэнтнасці да лячэння.

Дзейнасць Максіма скіраваная на даследаванні, неабходныя для кантролю імуннага адказу, які развіваецца ў працэсе прагрэсу раку. Ягоная праца можа прывесці да стварэння новых метадаў лячэння, скіраваных на карэкцыю функцыяў нейтрафілаў і паляпшэнне прагнозаў для пацыентаў з анкалагічнымі захворваннямі.